РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,

стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж. бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.​Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)

Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:

Зелле маё ды зялёнае.
Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)

У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.​Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.

Пярсцёначкі залатыя.
Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія.
Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя.
Ці горы вамі ўсцілаці?

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)